У Расіі захоўваецца высокі дэфіцыт бюджэту, і гэта павінна насцярожваць беларускую эканоміку 

У бягучым годзе ва ўмовах скарачэння аб’ёму дадзеных па бюджэце Рэспублікі Беларусь, асаблівую значнасць набывае інфармацыя аб бюджэце Расійскай Федэрацыі. Па-першае, таму што гэтыя дадзеныя застаюцца адкрытымі для грамадскасці. А па-другое, таму, што бюджэт Беларусі стаў яшчэ больш залежны ад магчымасцей расейскай казны.
У бягучым годзе ва ўмовах скарачэння аб’ёму дадзеных па бюджэце Рэспублікі Беларусь, асаблівую значнасць набывае інфармацыя аб бюджэце Расійскай Федэрацыі. Па-першае, таму што гэтыя дадзеныя застаюцца адкрытымі для грамадскасці. А па-другое, таму, што бюджэт Беларусі стаў яшчэ больш залежны ад магчымасцей расейскай казны.  Раней мы знаёмілі вас з выкананнем бюджэту Расіі за студзень-красавік. З таго часу сітуацыя істотна не палепшылася. Выкананне федэральнага бюджэту Расіі за студзень—чэрвень прынесла дэфіцыт у 2,6 трлн рублёў. Гэта амаль 90% ад плана па дэфіцыце, які расійскі Мінфін першапачаткова ўстанавіў на ўвесь бягучы год. Спад нафтагазавых даходаў (-47%) прывёў да недабору агульных даходаў казны: за першыя шэсць месяцаў 2023 года іх стала на 11,7% менш да аналагічнага леташняга перыяду. Пры гэтым выдаткі выраслі на 19,5%. У выніку праблем, якія склаліся з бюджэтным фінансаваннем, у расійскім міністэрстве фінансаў ужо загаварылі аб патэнцыйным скарачэнні бюджэтных расходаў на 10% у наступным годзе. У першую чаргу гаворка ідзе пра неабароненыя артыкулы бюджэту. Гэта значыць, што сацыяльная сфера Расіі павінна пацярпець. А вось ці адносіцца падтрымка бюджэту Рэспублікі Беларусь да абароненых артыкулаў расійскага бюджэту — пытанне рытарычнае.  У выпадку працягу негатыўнага парадку дня для расійскага бюджэту беларуская фінансавая сістэма можа сутыкнуцца з падвойнымі праблемамі. Па-першае, эканоміка Рэспублікі Беларусь зараз відавочна не здолее генераваць неабходны аб’ём паступленняў, бо зніжэнне расходаў бюджэту ў Расіі можа негатыўна адбіцца на попыце на беларускую прадукцыю. Магчымасцей для пакрыцця расходаў без істотнага ўзняцця падатковага цяжару ў Беларусі ўсё менш. А, па-другое, падтрымка з боку Расіі, на якую ўжо прыпадае да дзясятай часткі рэспубліканскага бюджэту, можа быць скарочана ў вельмі хуткім часе.  Усё гэта стварае вельмі напружаную сітуацыю для бюджэту Беларусі, але пра бягучы яго стан мы зараз нічога не ведаем. Мінфін перастаў публікаваць аператыўныя дадзеныя пра яго выкананне. Хаця, магчыма, калі праблему не заўважаць, яна вырашыцца сама?